ПРАВАВА́Я ІНСПЕ́КЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
спецыяльны орган, які ажыццяўляе нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правілаў па ахове працы. На Беларусі такія функцыі выконвае К-т па інспекцыі працы пры Мін-ве працы. У структуру К-та ўваходзяць: цэнтр. апарат, абл. і Мінскае гар. ўпраўленні, міжраённыя інспекцыі працы. Рашэнні К-та з’яўляюцца абавязковымі для выканання мін-вамі, інш. рэсп. органамі дзярж. кіравання, выканаўчымі і распарадчымі органамі, наймальнікамі і службовымі асобамі. Асн. задачы П.і.п.: нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы; прафілактыка, выяўленне і выкараненне парушэнняў заканадаўства; правядзенне спец. расследаванняў няшчасных выпадкаў на вытв-сці, а таксама кантроль за выкананнем наймальнікамі Палажэння аб расследаванні і ўліку няшчасных выпадкаў на вытв-сці, збор і аналіз інфармацыі аб няшчасных выпадках, прафес. захворваннях, парушэннях заканадаўства, падрыхтоўка прапаноў па іх папярэджанні і да т.п.
В.І.Семянкоў.
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)